САЛІГОРСКІХ МАЛАДАФРОНТАЎЦАЎ АШТРАФАВАЛІ НА 5 МІЛЬЁНАЎ
Чт, 29 Ноя 2007. Общество
Адміністрацыйная камісія Салігорскага гарвыканкаму вынесла жорсткія прысуды мясцовым маладафронтаўцам. За ўдзел у моладзевых акцыях 16-гадовая Хрысьціна Самойлава была пакарана 4 штрафамі на сумму 2,48 мільёны рублёў, 17-гадовы Іван Шыла на сумму 1,86 мільёна, а 15-гадовы Ільля Шыла (дакладней яго бацькі) на сумму 620 тысяч рублёў. Акрамя таго непаўнагадоваму Адрусю Тычыне вынеслі папярэджаньне.
Маладзёны былі пакараныя за ўдзел у акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі 16 кастрычніка на цэнтральнай плошчы гораду і за акцыю пратэсту пад час угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада. Акрамя таго Хрысьціна Самойлава была аштрафаваная на падставе заявы аднаго з настаўнікаў школы за нібыта яго абразу з боку дзяўчыны.
Агулам камісіяй былі разгледжаныя 11 пратаколаў супраць маладафронтаўцаў. Як паведаміла нашаму сайту Хрысьціна, прысуд быў для яе поўнай нечаканасьцю, бо яе паплечніка Андруся Тычыну толькі папярэдзілі. Хрысьціна навучаецца ў 10-й клясе і ня мае сродкаў для выплаты штрафу і ўвесь цяжар павінны будуць узьняць яе бацьцкі. Гэта тычыцца і братоў Шылаў.
Таксама трэба дадаць, што да цяперашняга часу доўжыцца праверка па крымінальнай справе ўзбуджанай супраць Івана Шыла за нібыта супраціўленьне супрацоўнікам міліцыі пад час акцыі “Камунізм пад трыбунал”.
САЛІГОРСК.org