Жыццё — за кватэру
Вт, 30 Окт 2007. Общество
У Слоніме прадухілена заказное забойства 17-гадовай дзяўчыны
На мінулым тыдні, 18 кастрычніка, падчас перадачы “кілеру” 500 даляраў ЗША работнікі міліцыі затрымалі 41-гадовага слонімца, якога падазраюць у арганізацыі забойства сваёй 17-гадовай сваячкі.
Калі ў Слонімскім райаддзеле міліцыі стала вядома, што мясцовы жыхар шукае кілера для забойства непаўналетняй сваячкі, каб завалодаць яе кватэрай, на дапамогу слонімскім міліцыянерам прыйшлі супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй па Гродзенскай вобласці.
Аператыўнікі распрацавалі план па прадухіленню забойства і выяўленню яго заказчыка, які паспяхова ажыццявілі.
Заказчык сам знайшоў “кілера”, перадаў яму фотаздымак ахвяры, пнеўматычны пісталет для стральбы металічнымі шарыкамі і 100 даляраў авансу, паабяцаўшы пры тым, што пасля выканання работы заплаціць яшчэ 500 даляраў.
Далей супрацоўнікі УБАЗіК па ўзгадненні з пракуратурай правялі інсцэніроўку забойства. Затрымалі мужчыну ў той момант, калі ён расплачваўся з выканаўцам заказу, ролю якога ўдала сыграў аператыўнік.
Мікола КАНАНОВІЧ Газета Слонимская