Больш за 10 тон радыеактыўных лісічак прызначаліся мінчукам

Амаль 10 з паловай тон радыеактыўных лісічак знайшлі днямі інспектары Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету на адным з падворкаў пасёлка Сасновы Асіповіцкага раёна. А на Камароўцы сёлета радыяцыі ў грыбах не знаходзілі.

Узровень забруджвання цэзіем грыбоў, знойдзеных на адным з падворкаў пасёлка Сасновы Асіповіцкага раёна, перавышаў дапушчальную норму амаль у 10 разоў. Як стала вядома Еўрарадыё, хутчэй за ўсё грыбы на перапрацоўку павінны былі адвезці ў Мінск.

Радыеактыўныя грыбы інспектары знайшлі выпадкова. Ехалі па слядах джыпа браканьераў і патрапілі на такі вось падворак-склад, дзе акрамя некалькіх забітых казуль знайшлі і атручаныя дары лесу. Правесці праверку грыбоў на радыяцыю інспектараў прымусіла менавіта іх колькасць - сёлета асіповіцкія лясы не былі багатыя на грыбны ўраджай. Наколькі небяспечная для здароўя гэтая знаходка, Еўрарадыё патлумачыў галоўны доктар Асіповіцкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Мікалай Цвірко.

Мікалай Цвірко: “Проста побач з імі знаходзіцца небяспекі не ўяўляе. Але калі ўжываць іх пастаянна, то радыяцыя назапашваецца, і гэта небяспечна для здароўя”.

Асіповіцкі раён лічыцца чыстым ад радыяцыі. На думку галоўнага эпідэміёлага раёна, грыбы патрапілі сюды з забруджаных раёнаў Гомельшчыны. Грыбоў там сёлета было даволі багата, але мясцовыя перапрацоўшчыкі даўно ўжо іх не прымаюць. Як паведамілі Еўрарадыё ў саўгасе “Брылёва” Гомельскай вобласці, іх перапрацоўчы цэх не працуе з грыбамі пачынаючы з 1987 года. Як і астатнія ў вобласці. Толькі мясцовыя жыхары грыбы па-ранейшаму збіраюць. Па словах галоўнага спецыяліста адміністрацыі зоны адчужэння і адсялення па Краснапольскім раёне Аляксандра Аўсяннікава, нават не хаваюць, што збіраюць на продаж.

Аляксандр Аўсяннікаў: “Штогод у перыяд масавага з’яўлення грыбоў у зону ідуць людзі у грыбы. Затрымалі нядаўна жанчыну з дзвюма торбамі грыбоў. На пытанне аб тым, што яна збіраецца з імі рабіць, яна нават кошт назвала, па якім іх у яе купляюць - 1,5-2 тысячы рублёў за кілаграм. Скупшчыкі ездзяць па вёсках, скупляюць. Гэта крыніца прыбытку для асобных грамадзян”.

Насцярожвае і колькасць знойдзеных у пасёлку Сасновы грыбоў: сабраць 10 з паловай тон лісічак не тое што аднаму чалавеку, але і сям’і немагчыма. Таму ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі Асіповічаў лічаць, што іх нарыхтоўвалі “прамысловымі” сродкамі. І збываць, хутчэй за ўсё, мусілі ў Мінску.

Мікалай Цвірко: “Іх, хутчэй за ўсё, павінны былі везці ў Мінск. Але хай гэта міліцыя ўдакладняе”.

У эпідэміёлагаў галава баліць пра іншае - што з гэтымі грыбамі рабіць зараз. Пакуль яны знаходзяцца на складзе мясцовага райпа. Спажываць іх забаранілі, і цяпер вырашаецца пытанне, як лісічкі знішчыць.

Мікалай Цвірко: “Калі МНС вырашыць, што іх можна захаваць на нашым палігоне прамысловых адкідаў, то мы іх захаваем тут. Калі ж яны вырашаць, што грыбы неабходна везці на спецыялізаваныя палігоны, павязём туды. Але сховішча ў нас на палігоне з воданепранікальным падмуркам, здрабніць і засыпаць можна іх і ў нас”.

Адкуль у “чыстых” Асіповічах з’явіліся радыеактыўныя лісічкі, следства пакуль не высветліла. Па словах галоўнага дазнаўцы фінансавай міліцыі Асіповічаў Алега Вернікоўскага, затрыманыя на допытах даюць супярэчлівыя паказанні. Колькі дакладна чалавек праходзіць па справе з радыеактыўнымі лісічкамі, ён не паведаміў. Сказаў толькі, што шмат. Не высветлілася дакладна і куды іх планавалі пераправіць для далейшай перапрацоўкі. Не выключана, што і за мяжу.

Алег Вернікоўскі: “Я так думаю, што яны ішлі за мяжу. Хаця магчыма, што яны нейкім чынам траплялі на пераапрацоўчыя прадпрыемствы нашай краіны”.

Еўрарадыё пацікавілася, ці магчыма было знойдзеныя лісічкі прадаць на рынках, а не везці на пераапрацоўчыя прадпрыемствы. Доктар лабараторыі санітарна-эпідэміялагічнай службы Камароўскага рынку Валянціна Стахоўская сказала, што тонамі да іх грыбы ніколі не прывозілі - кошык, два. Усе ў абавязковым парадку правяраюць. Калі штосьці знаходзяць, увесь тавар канфіскуюць. Але сёлета ім ні разу радыеактыўныя грыбы не трапляліся.

Валянціна Стахоўская: “Штодня ў загадчыцы лабараторыі праходзяць планёркі, дзе абмяркоўваецца, што адбылося за дзень. Такога нічога сёлета не было”.

Зміцер Панямонаў

Еўрапейскае радыё для Беларусі

Полезные ссылки:

NewsBY.org - Новости Беларуси. News of Belarus



Календарь

Октябрь 2007
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Авг   Ноя »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

 

Реклама

Последние новости

Новости партнеров

Реклама

           



Рейтинг@Mail.ru Rambler's Top100