Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Рэспублікі
Ср, 2 Июль 2003. Беларусь, Лукашенко Александр, Новости, Общество, Официально
Паважаныя суайчыннікі!
Трэцяга ліпеня ўрачыста адзначаецца галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці — Дзень Незалежнасці Беларусі, Дзень Рэспублікі.
Гэта сапраўды лёсавызначальная дата ў гісторыі Беларусі!
Калі б наш народ не праявіў магутную энергію супраціўлення, не паўстаў на абарону Радзімы ў Вялікай Айчыннай, не вызваліў разам з братнімі народамі Савецкага Саюза нашу зямлю, мы б ніколі не набылі сваю незалежнасць.
Свабода — падмурак незалежнасці — далася нам дарагой цаной. Таму ніколі не згасне слава нашых герояў: партызан, падпольшчыкаў, салдат і афіцэраў.
Іх, стваральнікаў вялікай перамогі ў свяшчэннай вайне за свабоду і роўнасць, становіцца з кожным годам усё меней і меней. І час яшчэ болей павялічвае цану іх гістарычнага подзвігу.
Нашаму народу прыйшлося мець справу з мацнейшай арміяй свету. Ніколі да гэтага часу не стваралася падобнай машыны агрэсіі.
Галоўны ўдар гітлераўцаў праходзіў праз Беларусь. Яны былі ўпэўнены ў хуткім разгроме Чырвонай арміі і завяршэнні вайны ў кароткія тэрміны.
Не атрымалася ў іх хуткай перамогі. Планы маланкавай вайны былі сорваны ў Беларусі. Больш трыццаці дзён супраціўленне вялі абаронцы Брэсцкай крэпасці. Магілёў трымаўся даўжэй, чым некаторыя еўрапейскія краіны. Мужна змагаліся з ворагам ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны.
Гэта не была звычайная вайна толькі ўзброеных сіл двух бакоў. Яна стала ўсенароднай — Айчыннай — вайной супраць пагрозы фашысцкага зняволення і фізічнага вынішчэння нашых народаў.